Рэспубліка Маршалавы Астравы (Republic of the Marshall Islands), дзяржава на аднайм. астравах у Ціхім ак., на Пн ад экватара. Пл. 181 км2. Hac. 63 тыс.чал. (1999). Афіц. мовы — маршальская і англійская. Сталіца — г. Маджура (Далап-Уліга-Дарыт) на аднайм. атоле. Падзяляецца на 25 раёнаў. Нац. свята — Дзень Канстытуцыі (1 мая).
Дзяржаўны лад. М.А. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1972. Пытанні абароны і знешняй палітыкі належаць да прэрагатывы ЗША. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам са свайго складу на 4 гады. Заканад. ўлада ў лакальных справах належыць парламенту (33 дэпутаты), што выбіраецца насельніцтвам на 4 гады.
Прырода. Налічваецца 34 атолы, якія аб’ядноўваюць 1150 дробных нізінных каралавых астраўкоў і рыфаў; падзяляюцца на 2 групы — Ралік (на З, 18 атолаў), Радак (на У, 16 атолаў). Астравы працягнуліся з Пн на Пд і з З на У на 1500 км, раскіданы ў цэнтр. частцы Ціхага ак. на пл. больш за 2 млн.км2. Макс. вышыні не перавышаюць 5 м. У склад астравоў уваходзіць адзін з найб. атолаў у свеце — Кваджалейн (пл. сушы 16,4 км2, пл.ўнутр. лагуны 1683 км2). Клімат трапічны пасатны. Сярэднія месячныя т-ры паветра 27—28 °C. На Пн выпадае 1500—2000 мм ападкаў (максімум у ліп.—ліст.), на Пд — да 4500 мм. На Пн бываюць засушлівыя перыяды, на Пд у ліп.—снеж. здараюцца трапічныя цыклоны. Рэк і ручаёў няма. Пераважае культурная расліннасць, гаі какосавых пальмаў. Берагі ўнутр. лагун атолаў акаймаваны мангравымі зараснікамі. Мора багатае рыбай, ракападобнымі, малюскамі.
Насельніцтва. Мікранезійцы-маршальцы складаюць 92%. Жывуць таксама амерыканцы, палінезійцы, кітайцы і інш. Вернікі пераважна пратэстанты (90%) і католікі. Сярэднегадавы прырост 3,8%. Сярэдняя шчыльн. 348 чал. на 1 км2. Больш за палавіну насельніцтва засяроджана на в-ве Маджура (пл. 30 км2), дзе знаходзіцца адзіны г. Маджура (каля 30 тыс.ж.). Большасць насельніцтва занята сельскай гаспадаркай, рыбалоўствам, абслугоўваннем замежных турыстаў.
Гісторыя. Першыя еўрапейцы з’явіліся на М.А. у 1529 (ісп. экспедыцыя А.Сааведры), у 1788 даследаваны англічанінам Дж.Маршалам (адсюль назва). У 1855 афіцыйна перададзены Іспаніі, якая пасля іспана-амерыканскай вайны 1898 прадала іх Германіі. У 1914 астравы акупіравала Японія, якая ў 1920 атрымала ад Лігі Нацый мандат на кіраванне імі. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны ў 1945 ЗША 3 1947 паводле рашэння Савета Бяспекі ААН падапечныя тэр. ЗША (у складзе падапечнай тэр. Ціхаакіянскія астравы). З 1979 Рэспубліка М.А 3 1983 «свабодная асацыіраваная» з ЗША тэрыторыя. У 1986 спынена апекаванне ЗША, астравы атрымалі ўнутр. самакіраванне 3 1991 член ААН.
Гаспадарка. М.А. — слабаразвітая краіна. Валавы нац. прадукт на 1 чал. складае каля 1700 дол. за год. Насельніцтва займаецца пераважна сельскай гаспадаркай і рыбалоўствам. Асн. таварная культура — какосавая пальма. Копра з яе пладоў ідзе на продаж. Невял. таварнае значэнне мае вырошчванне агародніны, фруктаў (цытрусавых, папайі, манга, ананасаў), чорнага перцу. На свае патрэбы вырошчваюць маніёк, я́мс, батат, бананы, тара, ароут, хлебнае дрэва. Развіты свіна- і птушкагадоўля. Рыбалоўства. Большасць прамысл. прадпрыемстваў занята перапрацоўкай с.-г. сыравіны. Перапрацоўка копры, мылаварная ф-ка, вытв-сць алею з какосавых арэхаў. Ёсць рыбакансервавыя прадпрыемствы, лесапільні і верфі па буд-ве невял. суднаў і лодак. Невял. здабыча фасфарытаў на атоле Аілінглапалап. Вытв-сць электраэнергіі — 80 млн.кВт·гадз. Развіты разнастайныя саматужныя промыслы, здабыча і апрацоўка каралаў, выраб сувеніраў. Большасць валютных паступленняў ад замежнага турызму. Турыстаў (пераважна з ЗША і Японіі) сюды прыцягваюць цёплае мора, каралавыя пляжы, экзатычнае мастацтва мясц. жыхароў. Транспарт пераважна марскі і авіяцыйны. На астравах 23 аэрадромы і пасадачныя пляцоўкі. Горад і порт Маджура звязаны рэгулярнымі авіярэйсамі з Гавайскімі а-вамі і в-ам Гуам. Штогадовы экспарт каля 20 млн.дол., імпарт — каля 70 млн. долараў. У экспарце пераважаюць какосавы алей, копра, рыбныя кансервы, каралы, у імпарце — разнастайныя прамысл. і харч. тавары, паліва. Гал.гандл. партнёры ЗША і Японія.
Дадатковай крыніцай даходу з’яўляецца рэгістрацыя гандл. суднаў замежных краін (з прычыны нізкіх падаткаў і выгаднага для суднаўладальнікаў заканадаўства), выпуск паштовых марак. М.А. атрымліваюць фін. дапамогу, а таксама плату за арэнду ваенных і навук. аб’ектаў, у т.л. станцыі назірання за запускам штучных спадарожнікаў і ракет, ад ЗША. Грашовая адзінка — долар ЗША.